«Я ўжо не гляджу на кожны новы дзень, быццам заўтра будзе лягчэй» Фота: Віка Мяховіч, Таня Брагінская
«Я ўжо не гляджу на кожны новы дзень, быццам заўтра будзе лягчэй» Фота: Віка Мяховіч, Таня Брагінская

Да 15 гадоў я жыў у невялікай вёсцы за 50 кіламетраў ад Магілёва. Вёска называецца Вялікія Бялевічы, побач былі таксама Малыя Бялевічы. І я часта жартую, што яны сапраўды крыху меншыя за нашыя, але і нашыя таксама не зусім вялікія. Я добра вучыўся ў школе, верыў у іншапланетнікаў, ездзіў на алімпіяды па розных прадметах і ўвесь час нешта рабіў у хатняй майстэрні. Тады я не думаў, што мастаком можна быць паводле прафесіі. Але трэба заўважыць, што ў маім пакоі партрэты пэўных персанажаў змяняліся на падвешаныя пад столь мадэлі самалётаў, з’яўляліся нейкія замалёўкі і самаробная мэбля.
То бок па сутнасці я рабіў сцэнаграфію ў межах свайго пакою.
Мінск падаваўся вельмі далёкім, і адпаведна пра нейкія палітычныя падзеі ў дзяцінстве я мала што ведаў. Памятаю, калі здарыўся тэракт у мінскім метро, я быў у восьмым класе. Да нас гэтая навіна дайшла з тэлевізара, і настаўнік абмяркоўваў яе на занятках. А мы, дзеці, нават не ведалі толкам, што такое тэракт. І неяк у мяне склалася карціна, што ўсё гэта незразумела і вельмі, вельмі далёка.

Па-сапраўднаму я пачаў адчуваць сваю прысутнасць у грамадстве з моманту прыняцця сябе як здольнага нешта выказаць у творчасці. Магчыма, з моманту першых абмеркаванняў маёй дзейнасці. Калі я перастаў быць разгорнутым унутр сябе.
У 2018–2019 гадах у беларускай культуры пачаўся такі дзвіж, што нібыта і хмараў не было відаць, а маё жыццё ў імклівым тэмпе напаўнялася цікавымі знаёмствамі і працаю. Мне тады здавалася, быццам існуе выдуманая тэлевізійная дзяржава, а пад нагамі будуецца абсалютна іншая – актыўная, маладая і класная. І гэтыя два светы паралельныя ды не перасякаюцца. Такое было наіўнае адчуванне.
Як мастак я пачынаў з працы над вялікімі палотнамі а-ля Кіфэр, якім захапляўся ў той момант, у рэзідэнцыі “Ок16”. Там жа як сцэнограф стаў узаемадзейнічаць з рэжысёрамі і рэжысёркамі – маладымі, актыўнымі, смелымі. І ўсё больш уключацца ў грамадскія працэсы.

У траўні 2020 года Віктар Бабарыка напісаў, што збіраецца выстаўляць сваю кандыдатуру на выбарах. Усё закруцілася імгненна. Шмат яркіх людзей тут жа пачалі браць удзел у працы ягонага штабу. У той час мы з “Ок16” акурат рыхтавалі маю першую выставу, якая праз каронавірус ператварылася ў лічбавую. Зладзіць яе дапамагалі Лявон Халатран і Маша Калеснікава.
Пачатак працы штабу не адчуваўся як штосьці прынцыпова іншае, ён выглядаў як працяг дзейнасці гэтай каманды. Як новы праект з іншымі мэтамі. Пры гэтым людзі размаўлялі і абмяркоўвалі ўсё гэтак жа адкрыта. Я прыехаў у штаб, Маша пазнаёміла мяне з спадаром Віктарам. Кажа: “Вось Саша, ён тут выставу робіць”. Усё было шчыра і натуральна.
У той час гэтак шмат сяброў навокал уключылася ў гэтыя працэсы, што не было іншага выйсця, як працягваць гаварыць. Я зрабіў працу з ланцугом на 3 ліпеня. На той момант пачаліся першыя ланцугі салідарнасці. Падавалася, што ёсць магчымасць супраціву. Хаця б у тым, каб фізічна замацавацца ў прасторы і не сыходзіць з месца.
Шмат было такіх фотаздымкаў, дзе хтосьці за нешта чапляецца. Ланцугі рабіліся фізічныя, а не метафарычныя.
2020 год я б апісаў адчуваннямі не пералому, а нанясення множных ранаў. Пералом – гэта аднамомантная траўма з доўгім працэсам гаення. А ў 2020-м момантаў, калі было незразумела, балюча і складана, было гэтак шмат, што працэс гаення ўвогуле складана ўявіць.
Бясконцыя навіны не змяшчаліся ўнутры. Памятаю, раніцою глядзіш TikTok з лайфхакамі, чэленджамі і розным лёгкім глупствам, а потым выходзіш на вуліцу ці нават проста вызіраеш у вакно – і робішся часткаю зусім іншых працэсаў. Дастаткова жывёльных і заснаваных на выжыванні.
Ці былі пратэсты натхняльнымі? Не, я не мог нічога рабіць, было страшна. Я вучыўся новаму тыпу страху. Сёе-тое з той навукі засвоіў, што адбілася на новых ідэях. Нароўні з пачуццём уласнай слабасці, так. Але ўспомнілася, дарэчы, узрушэнне акустычнага кшталту. Калі калона людзей праходзіла ад Нямігі да ГУМу, гукавая хваля ад скандавання білася аб будынкі злева і справа. Нібыта ўздымалася высока ў паветра і падала зноў уніз! Як пад вадаспадам сябе адчуў у той момант, настолькі быў шчыльны гук.
Такога роду гукавога ўзрушэння я раней не адчуваў.
Я дасюль у працэсе рэфлексіі над 2020 годам і над сваймі адчуваннямі. У мяне пачалі ўзмацняцца праблемы з нервамі. Я і раней не быў спакойным чалавекам. А тут новы досвед, ні з чым не суадносны.
Пасля 2020 года я, напэўна, пачаў мысліць больш сацыяльна арыентавана і прыдумляць інтэрвенцыі ў гарадскую прастору. Якім чынам атрымліваюцца мае працы? Я насычаюся ўсім, што мяне хвалюе – назіранні, навіны, ідэі, якія дастаю з прачытанага. У нейкі момант магу заўважыць цікавую прастору з пэўнымі памерамі, праходнасцю, формай, аб’ектамі, святлом. І ўжо зыходзячы з гэтага павярнуць свае ідэі ў патрэбнае рэчышча.
Гэта ў нечым падобна да сцэнаграфіі ці ландшафтнага дызайну.
Напрыклад, я думаў на тэму рэферэндуму і паправак у Канстытуцыю. І адначасова ў Мядзелі знайшоў сцяну з дробнаю кафляй, якая з часам асыпаецца. Гэта падобна да пікселяў, што выпадаюць. Я надумаў зрабіць на сцяне надпіс у стылі камп’ютарных гульняў – “Restart?” (то бок “Пачаць наноў?”) і варыянты адказу: “так”, “не”, а таксама “не ведаю”. Які для дыджыталу немагчымы. А для жыцця вельмі нават магчымы.
Вось гэты варыянт “не ведаю”, у якім адразу і страх, і нежаданне пастанаўляць, і спроба сысці ад адказу, абсалютна непрадуктыўны. Але ў адказах на рэферэндумах ён існуе.
У мяне ёсць і зусім іншая паводле формы праца на тую ж тэму – пропісь у выглядзе Канстытуцыі. Я проста загнаў яе тэкст у разлінаваны сшытак і раздрукаваў. Цяпер кожны можа яе перапісаць.
Ці вось аднойчы я ехаў у трамваі ды заўважыў, што ля шыбы засталіся мацаванні, у якія калісьці ўстаўлялася шыльдачка з маршрутам. І я надумаў зрабіць сваю шыльдачку, прапанаваць альтэрнатыўны рух, звязаны не з прасторай, а з часам. Ці нават з уяўным пунктам прызначэння. Гэтак атрымаўся маршрут трамвая “Настоящее – ненастоящее”.
Пасля 2020 года ў мяне з’явілася самацэнзура. Раней я думаў больш вольна – стараўся зрабіць працу вялікаю, паставіць яе на віду. Але апошнім часам у працэсе рыхтавання аб’екты набывалі сціплыя памеры. У Мінску я рабіў невялікую працу на праспекце і намагаўся ствараць уражанне чалавека, які мае на гэта права, апранаўся больш як жэкагэшнікі.
У нас увогуле мала што адбываецца ў грамадскай прасторы, бо яна акупаваная дзяржаваю. Гэтак было і раней, але апошнім часам я быў яшчэ больш заўважны для мінакоў.
Напрыклад, я знайшоў стары флагшток на Усходзе, у які паўтыркаў вялізныя ўказальныя пальцы з гіпсу. Мне давялося рабіць гэта за некалькі падыходаў. Я пад’язджаў, устаўляў тры-чатыры пальцы (а іх там 30). Бачу, людзі ўжо глядзяць. Тады я сядаў на ровар, рабіў маленькае кола і зноў вяртаўся. І так шмат разоў. Нашая грамадская прастора ачышчаная, яна стэрыльная, таму любая інтэрвенцыя, нават самая маленькая, можа стацца вельмі яркай.
Я не збіраўся з’язджаць з Беларусі.
Праходзіў камісію для ваенкамату, працаваў у музеі. У мяне былі невялікія адхіленні ў здароўі, і я спадзяваўся што яны дазволяць мне не пайсці ў войска. Я абсалютна не вайсковы чалавек і не чалавек сістэмы. 24 лютага я прачнуўся, чытаў навіны і не верыў сваім вачам. Калі першы шок крыху суняўся, я зразумеў, што праз колькі дзён мне трэба з’явіцца ў ваенкамаце. І, паводле новых правілаў, я, хутчэй за ўсё, са сваймі адхіленнямі праходжу. А значыць, маю вялікія шанцы трапіць у войска.
У сітуацыі вайны і незразумелага ўдзелу ў ёй Беларусі рызыкаваць не выпадала. І мы пастанавілі пераехаць у Польшчу.
Вядома ж, калі я прыехаў, то спачатку быў разгублены: што рабіць з дакументамі і гэтак далей. Плюс трэба разумець, што стаўленне да беларусаў тады было неадназначнае. Нават у Польшчы, якая сталася нашым асноўным прытулкам. І трэба было зноў і зноў прагаворваць пра дзве розныя Беларусі.
Гуляючы па Варшаве, я бачыў шмат улётак з нейкімі дэпутатамі. І мне падалося, што ў гэтай форме можна было б упісацца ў горад і яшчэ раз падняць пытанне, нават і для самога сябе, пра беларускіх мігрантаў. Я абраў такую форму яшчэ і таму, што на плакаце можна пералічыць свае адметныя якасці, быццам цябе сапраўды абіраюць. Я выпісаў туды традыцыйныя школьныя стэрэатыпы пра беларусаў: талерантны, працавіты, цярплівы, мірны. Бо ў лютым нашая мірнасць была пастаўленая пад сумнеў. Атрымалася ў нечым спрэчная праца, што, мне здаецца, яе не псуе.
Часам я раблю такія хуткія, не надта адрэфлексаваныя праекты, і яны робяцца дыскусійныя. Што мяне вельмі парадавала, плакат паспрабавалі сарваць, але верхні фрагмент з тварам і тэкстам застаўся, і нехта дадаў у подпіс “Еўропа, вітай мігранта” словы “ўсіх мігрантаў”. Што стала таксама часткаю своеасаблівага дыялогу.
Увогуле я стараюся гэты працэс – пераезд з месца на месца – успрымаць як прыгоду. У прыгодах усё, што адбываецца, разглядаецца як чарада падзеяў рознай афарбоўкі. Аддаешся выпадковасці, вучышся не ацэньваць тое, што адбываецца ў той самы момант, а тым больш не думаць наперад.
Вядома, у сваіх працах я даражу кантэкстам, ад якога не ў Беларусі я адрываюся. З іншага боку, мае вочы тут, а думкі, назіранні застаюцца з беларускаю рэчаіснасцю. І гэтая дыстанцыя нараджае новыя рэчы.
Я зразумеў, што было б крута гаварыць аб праблемах Беларусі на нейкай іншай, больш глабальнай мове. Не рабіць гэтага кірмашу “беларусы для беларусаў”, а мысліць больш шырока.
Куратар Іскустваведаў у маім жыцці ўзнік вельмі даўно. Напэўна, ягоныя вытокі ідуць з Акадэміі навук, дзе я вучыўся на мастацтвазнаўцу. У нейкі момант мне падалося, што я магу пісаць любыя артыкулы. Не важна, які будзе змест, галоўнае, каб у іх вытрымліваўся пэўны пафас. Я напісаў працу, дзе ўзяў фізічную канцэпцыю сінергіі ды пераходнага стану (мне проста спадабалася, як гучыць) і паспрабаваў пашукаць пераходны стан у беларускім пейзажным жывапісе. Як я вычвараўся! Там ёсць месцы невыносна пошлыя.
Мне спадабалася, што гэтую пошласць можна ўзводзіць бясконца. Пры гэтым частка аўдыторыі працягвае ў яе верыць, а частка з гэтага ўгарае.
Потым у майго альтэр-эга з’явіліся імя і вобраз. І тады я зразумеў, што маю патрэбу апісваць усю тую пошласць, што ёсць у беларускім мастацтве і візуальным абліччы нашых гарадоў. Пачынаючы з драцяных зуброў і буслоў ды заканчваючы працамі службаў ЖКГ і мясцовых уладаў. Я зыходзіў з таго, што калі гэтая пашлата ў нашых гарадах з’яўляецца, то значыць, яе нехта зацвярджае, знаходзіць для гэтага аргументы. І я як Куратар Іскустваведаў абавязаны вось гэты схаваны працэс вывесці вонкі і апісаць ува ўсемагчымых прыўкрасных эпітэтах.

У Куратара свая рубрыка на Сhrysalis Mag, дзе ў тым ліку ёсць тэкст пра абрэзаную працу беларускага мастака Задорына. Гэта ўнікальная сітуацыя, бо працу набыў Саюз мастакоў, потым яе перадалі ў музей Савіцкага. І там у 2020-м– праз 30 ці 40 гадоў – яе выставілі. Але яна была абрэзаная! Напэўна, у іншай краіне ўжо быў бы скандал. А ў нас яе проста ціха пачалі выстаўляць у такім выглядзе, нічога не тлумачачы.
Але тэкстаў не кожны прачытае. Таму Куратар пачаў шукаць новыя магчымасці. Ён рабіў відэаінтэрв’ю з сябрамі-мастакамі ў гэтай новай стылістыцы, запісваў экскурсіі па выставах, а потым выйшаў на новыя вышыні, пачало з’яўляцца нешта мэмнае. Аўдыторыя ў Куратара расце, людзі пачынаюць лавіць фішку. Але былі моманты, калі мне пісалі і прасілі сустрэцца, каб даведацца, ці такі я ў жыцці.
Пасля 2020 года ўзровень пошласці неверагодна ўзрос, і я не мог больш яго павышаць, каб не парушыць вобразу. У мяне пачаўся крызіс: я перастаў апісваць, а больш засяродзіўся на фіксацыі. Але ў Беларусі фармат Куратара Іскустваведава не выкараніцца, пакуль не з’явіцца нармальная мастацтвазнаўчая адукацыя і нармальнае поле мастацтва. Дзе ўсё цікава, можна дыскутаваць і ўчыніць скандал, калі тваю карціну абрэзалі.
Калі досвед пратэстаў у 2020 годзе для мяне быў новы, цяжкі і незразумелы, то цяпер як быццам ізноў цэбар халоднай вады на галаву – гэтая вайна. Я проста перастаў неяк вывозіць як чалавек і тым больш як мастак. Мне падавалася што мая роля стала абсалютна бессэнсоўнай, асабліва з напластаваннем усёй гэтай іроніі ды кантэкстаў. Здавалася, што ўвогуле рабіць нічога немагчыма.
Але ўвесну я быў у сяброў у Берліне і злавіў адчуванне, што ўсё ў жыцці адбываецца адначасова, гэта бясспрэчны факт. Пачаў шукаць, што магу рабіць. Акцыянізм адпадаў, бо я не ўмею ствараць лозунгаў, але люблю знакі і сімвалы, тонкія няўлоўныя рэчы.
Аднойчы я пабачыў у сеціве відэа з парай, якая танцавала. Маленькае відэа мае гэтак шмат дэталяў і сімвалаў, што паглядзеўшы яго, як быццам прачытаў цэлую кнігу. Пара кружыцца ў цэнтры пакою ў шпіталі пад музыку, якую хтосьці запусціў з мабільнага тэлефона. Мы не бачым твару гэтай дзяўчыны, якая прытулілася да хлопца. Нейкая жанчына прыкрывае рукою край ложка, каб маладыя аб яго не стукнуліся. І на фоне кажуць “Горка!”. Слова, якое не перакладаецца на англійскую мову. Якое крычаць на вяселлях, каб людзі цалаваліся, але тут яно працуе зусім па-іншаму.
Мне адразу пачуўся гук зламанай музычнай скарбонкі, у якой кружацца фігуркі. Таму я абраў форму парцаляны, чагосьці крохкага і звонкага, знайшоў скарбонку і сапсаваў у ёй музычны механізм. І з’явілася ўжо новае адчуванне, то бок я зрабіў працу пра тое, якой я пабачыў гэтую гісторыю.
Цяпер страшны час. Нядаўна ў галаву прыйшоў выраз “пасля ночы будзе ноч”. Ён добра апісвае маё адчуванне часу. Надзея ёсць, але як быццам яна стала проста словам.
У мяне ёсць адчуванне, на жаль, што Беларусь для мяне больш ніколі не будзе той, якою была ў 2018 годзе, у маім юнацтве, у час майго творчага ўгару і зухаватасці. Я ўжо не гляджу на кожны новы дзень, як быццам заўтра будзе лягчэй. Заўтра будзе проста іншае адценне цемры.
Працэс станаўлення людзей і дзяржаваў, на жаль, вельмі складаны і трагічны. І мы жывем у такі час.
Перажыць? А што застаецца рабіць, як не спаборнічаць у тым, хто і што перажыве нешта і некага. Чэлендж складанейшы за абліванні халоднаю вадою!